Кароткая спраўка

Вёска Новы Двор размешчана на ўзбярэжжы невялікай рэчкі Навадворкі. З 1944 г. Новы Двор з'яўляецца цэнтрам сельскага савета, з 1960 - цэнтрам саўгаса "Навадворскі". Вёска знаходзіцца на дарозе Гродна-Вільнюс, у 30 км ад раённага цэнтра - Шчучына. Да бліжэйшай чыгуначнай станцыі Ражанка - 38 км. Мясцовасть ля Новага Двара раўнінная. Вёска з пачатку свайго заснавання знаходзілася ў складзе ВКЛ, з 1559 г. - у складзе Рэчы Паспалітай, з 1939 па чэрвень 1941 г. - у складзе савецкай Беларусі. Па чэрвень 1944 г. вёска была акупіравана фашысцкімі войскамі. 12 ліпеня 1944 г. Новы Двор быў вызвалены ад фашысцкіх захопнікаў. З 12.10.1940 г. вёска - цэнтр Навадворскага сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай, а з 20.09.1944 г. - Гродзенскай вобласці, з 20.01.1960 г. - у Шчучынскім раёне. На 01.01.2001 г. Новы Двор налічваў 258 двароў, 611 жыхароў. На тэрыторыі вёскі знаходзяцца сярэдняя школа, дом культуры, бібліятэка, амбулаторыя, аптэка, камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва, дзіцячы сад, аддзяленне сувязі, лазня, магазіны, лясніцтва, харчовы цэх. Таксама ёсць помнікі архітэктуры: касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі; чатырохгранная двух'ярусная званіца пад чатырохсхільным дахам, пабудаваная ў 1852 г.; капліца на могілках, пабудаваная ў 1882 г.; помнік народнага мураванага дойлідства.

На малюнку схематычна паказаны сучасны выгляд Новага Двара (клiк для павелiчэння).