Новы Двор у складзе Царскай Расіі

У 1795 г. у выніку 3 падзела Рэчы Паспалітай Новы Двор перайшоў у валоданне Царскай Расіі. Гэтым было вельмі незадаволена буйная польская шляхта і каталіцкае духавенства. У 1863 г. сялянскі рух на Беларусі перарос у паўстанне, якое з'явілася адказам на грабежніцкую рэформу 1861 г. Сялянскае паўстанне на Беларусі яшчэ больш узмацнілася ў сувязі з успыхнуўшым у 63 г. польскім нацыянальна-вызваленчым паўстаннем. З першых дзён паўстання на тэрыторыі Лідскага павета быў створаны і дзейнічаў паўстанцкі атрад пад кіраўніцтвам Людовіка Нарбута. У сакавіку 1863 г. атрад вёў цяжкія баі з урадавымі войскамі ў раёне Дубічы - Новы Двор (на тэрыторыі сучаснага Шчучынскага раёна). Саюзнікам шляхты ў паўстанні было каталіцкае духавенства. Навадворскі касцёл быў пунктам актыўнай агітацыі за далучэнне сялян да паўстання. 3.02.1863 г. царскія ўлады арыштавалі ксяндза навадворскай парафіі Яна Кажэўскага за чытанні ў час мшы паўстанскага маніфеста і заклік да вернікаў прыняць ўдзел у паўстанні. Ваенны суд прыгаварыў яго да расстрэлу. Затым гэта пакаранне было заменена на пажыццёвае высяленне ў Табольскую губерню. Разам з Кажэўскім быў арыштаваны пробашч навадворскага касцёла Дзіанізы Роевіч і 13 жыхароў Новага Двара і яго аколіц.

У 19 ст. Новы Двор з'яўляецца невялікім мястэчкам, якое належала да дзяржаўных уладанняў Астрына. У 1886 г. у вёсцы было 63 дамы, у каторых пражывала 708 жыхароў (381 мужчыны, і 377 жанчын).

У 1897 г. 81% жыхароў Новага Двара складалі яўрэі. З гэтага можна зрабіць вывад, што галоўным заняткам жыхароў Новара Двара было рамяство і гандаль. Яўрэям не дазвалялася займацца земляробствам.

У Новым Двары ўсе гандлёвыя крамы належалі яўрэям, якія гандлявалі гарэлкай, півам, соллю, тканінай, металічнымі вырабамі. У мястэчку дзейнічала яўрэйская сінагога. Пры ёй была яўрэйская школа. У пачатку 20 ст. у Новым Двары дейнічала трохкласная пачатковая школа. Будынак той школы і зараз знаходзіцца на тэрыторыі сучаснай сярэдняй школы. У гэтай школе ў адным памяшканні адначасова займаліся вучні 1-3 класаў. Вучыў іх адзін настаўнік. Асноўнымі прадметамі ў школе былі руская мова, арыфметыка і Закон Божы. Значная ўвага ўдзялялася чыстапісанню. У мястэчку адбывалія штотыднёвыя кірмашы, на якіх яўрэі скуплялі ў навакольных сялян жывёлу, збожжа і іншыя прадукты сельскай гаспадаркі. А прадавалі яўрэі скуры, тытунь і соль. На рынку можна было купіць гліняны посуд: гаршкі, збаны, глякі, а таксама розныя гліняныя цацкі. Хрысціянскіе насельніцтва займалася пераважна сельскай гаспадаркай. Найбольш прадпрымальныя людзі зараблялі прывозкай тавара ў яўрэйскія магазіны. Найбольш заможныя сяляне мелі магчымасць заказаць у яўрэйскіх рамеснікаў святочныя боты ці касцюм.